ВІ́ЛЕНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1656,
пагадненне паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай пра спыненне ваен. дзеянняў і сумесную барацьбу супраць шведскай агрэсіі; падпісана 3.11.1656 у маёнтку Немежы пад Вільняй. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на землі Літвы і Польшчы ўварваліся (1655) Шведскія войскі Карла Х Густава. Баючыся ўмацавання Швецыі, рас. ўрад пачаў захады для прымірэння з Рэччу Паспалітай. На перагаворы прыбыла рас. дэлегацыя на чале з кн. М.І.Адоеўскім; дэлегацыю Рэчы Паспалітай узначальваў ваявода полацкі Я.Красінскі; пасрэднікам быў аўстр. дыпламат Алегрэці. Не дамовіўшыся пра ўмовы міру, дэлегацыі заключылі перамір’е і вырашылі пачаць сумесныя ваен. дзеянні супраць Швецыі.
П.Р.Казлоўскі.
т. 4, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)